Паўлаўскі каравай. Традыцыя жыве


Беларусь багата цудоўнымі  абрадамі, і, на шчасце, не ўсе нашыя старадаўнія традыцыі канулі ў Лету ці намінальна прапісаліся на старонках кніг і падручнікаў. Напрыклад, традыцыя выпечкі Паўлаўскіх караваяў – вельмі ўтульная, цёплая і папросту можа стаць вялікай прывабнасцю не толькі для беларусаў, але і для турыстаў. Уявіце сабе такі аўтэнтычны і эксклюзіўны майстар клас, дзе вы не толькі цеста мясіць будзеце (ляпіць, абпальваць, «шышкі» круціць і шмат іншага цікавага), але і спяваць, выконваць тутэйшыя звычаі, слухаць жарты і прымаўкі. Мясцовыя кажуць, што «Спячы каравай – як нарадзіць дзіця». А каму гэтая прымаўка падаецца вельмі катэгарычнай, то каравайніцы ўдакладняюць: каравай выпякаюць некалькі дзён. Каля пяці чалавек. Вось такі – Паўлаўскі каравай – нематэрыяльная спадчына Слонімскага раёна.

Мясцовую ініцыятыву рэалізавалі ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца ЕС і рэалізуецца Праграмай рзвіцця ААН (ПРААН). На атрыманы грант у вёсцы Паўлава ў філіяле «Навасёлкаўскі цэнтр культуры» ўсталявалі адмысловую печ, закупілі неабходныя прылады, а таксама прыгожыя беларускія строі для ўдзельніц аматарскага аб’яднання «Чараўніцы-каравайніцы». 


А далей  усё ў руках жаночых, каравайніцы ладзяць утульныя вячоркі, падчас якіх і ажывае традыцыя выпечкі Паўлаўскіх караваяў. Вядома, што сакрэты гэтай справы перадаваліся ад маці да дачкі, але не ўсе дзяўчаты ведалі тонкасці абраду. Носьбіткай традыцыі была Галіна Чараховіч, якая ў пасляваенны час і навучыла ўсіх жадаючых пячы сапраўдны Паўлаўскі каравай.

 


А гэты хлеб – не просты бохан. Па-першае, толькі гэты каравай упрыгожвае вялікая галіна пладовага дрэва з 5 адросткамі. Яе абвіваюць узорыстымі палоскамі цеста. Па-другое, упрыгажэнні для каравая (іх тут называюць «шышкі») вырабляюцца ўручную, кожная з іх – гэта сімвал, які дапамагае «чытаць» каравай: на якую тэму выпечка, да якога свята, якія добрыя пажаданні перадаюць каравайніцы. Па-трэцяе, тэхналогія прыгатавання «шышак» больш нагадвае абпал керамікі, чым звычайную работу з цестам. Усе гэтыя прыгожыя пацеркі, птушкі, кветкі, калоссе запякаюцца асобна над полымем печы пры высокіх тэмпературах, і толькі праз пэўны час  выкладваюць «шышкі» на каравай. 


Абавязковыя складальнікі цеста для каравая – гэта мука, малако, цукар, масла, яйкі, дрожджы, алей… Магчыма, ёсць яшчэ нейкі сакрэт, але, як кажуць «Чараўніцы-каравайніцы», на тое ён і сакрэт! 

Калі да гэтага абзаца здавалася, што як-ніяк, але паспрабаваць шчасця ў дамашняй версіі прыгатавання каравая можа кожны, то гэта ілюзія парушыцца наступным сказам. Каб Паўлаўскі каравай атрымаўся, трэба не толькі ладна замясіць цеста, умела скарыстацца хлебапечкай і пасля ўпрыгожыць румяны бохан. Кожны этап прыгатавання мае свае асаблівасці і рытуальныя дзеянні, якія робяць гэтую прыемную справу відовішчнай і, нават, крыху чароўнай.


Усе збіраюцца ў старэйшай каравайніцы, якая адказвае і за вельмі важны момант – патрэбную тэмпературу печы. Дарэчы, працэс прапальвання печы займае першы дзень. Атрымаўшы Божае благаслаўленне, каравайніцы пачынаюць замес “па сонцы”, а цеста месяць асобым спосабам. Напрыклад, калі пякуць вясельны каравай, нельга цеста мясіць кулаком, каб маладыя жылі дружна. Трэба адзначыць, што і каравайніцы павінны быць у добрым гуморы, каб толькі пазітыўная аўра ўплывала на выпечку. Ці дух?  Вось чаму гэты кулінарны майстар клас можа прэтэндаваць таксама і на «гадзінку» псіхалагічнай разгрузкі. Яшчэ «Чараўніцы-каравайніцы» спяваюць і вымаўляюць замовы, каб цеста атрымалася. Наступны этап – рост цеста каравая. І вось у чым сакрэт:

Падыходзь, падыходзь, наш каравай,

З дубовай  дзежкі дно выбівай, 

Калі будзеш выбіваці,

То будзем цябе гібаці.


І пакуль цеста для каравая расце, умелыя рукі вырабляюць упрыгажэнні, замешаныя на асобным цесце. Тым часам каравай у форме павялічваецца ў памерах і «пыхкае»:

Іча, каравай, іча,

Каравайніцу кліча.


А калі надыходзіць час адпраўляць каравай у печ, гучыць наступная замова (падчас абраду каравайніцы неаднойчы  звяртаюцца да Бога):

Саступі, Божа, з неба,

Як ты нам цяпер трэба,

Памагаў замясіці,

Памажы ж і ўсадзіці.


Каравай пячэцца прыкладна 2 гадзіны, астывае пад такую замову: «Дайце сыру, масла, каб яго цела згасла». І толькі на трэці дзень каравай упрыгожваюць, таксама з выкананнем мясцовых звычаяў і павер’яў. У залежнасці ад віду каравая крыху мяняюцца песні, прымаўкі, рытуальныя дзеянні. Але нязменнымі застаюцца: рэцэпт, добры настрой, файны вынік і адчуванне, што нашыя карані моцныя. Бо адрадзіць такі прыгожы і душэўны абрад, перадаць яго дух і сакральнасць – дарагога варта.


У той жа час не хочацца, каб гэта традыцыя здавалася «застылай у мінулым». Наадварот, гэта выдатная нагода не толькі падзяліцца ўдалым рэцэптам, правесці кулінарны майстар клас з далейшым чаяваннем, але і крыху даведацца пра мясцовыя традыцыі, успомніць сваю гісторыю, ці, можа, стаць яе часткай? Зрабіць гэта лёгка: у жніўні ладзіцца фестываль «Паўлаўскі каравай». Значыць, «будзе хлеб – будзе і песня». 

Тэкст Вераніка Барысёнак

Фота Альфрэд Мікус

 

تم إعداد قضية المعلومات على أساس المواد الراديو البيلاروسية الخاصة، وكالة المعلومات بيلتا ومصادر أخرى.

المقابلات والبرامج

" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"