Незвычайны турыстычны маршрут: даваенная савецка-польская мяжа


«Калі б вечарам, у глухую восеньскую ноч, адкінуць з граніцы на даўжэйшым яе прамежку павалоку змроку, мы б убачылі партыі перамытнікаў, якія цягнуцца да граніцы… Ідуць па трох, па пяцёх і нават па дзесяцёх і звыш. Большыя групы вядуць “машыністы”, якія дасканала ведаюць мяжу і пагранічча. Малыя партыі ходзяць пераважна на сваю руку. Ідуць нават жанчыны, па некалькі адразу, каб за золата, срэбра і даляры купіць у Польшчы тавараў і з ліхвой прадаць у Саветах», –  так пісаў пра даваенную савецка-польскую мяжу Сяргей Пясецкі. І здаецца, што падзеі, якімі літаральна кіпеў тагачасны Ракаў, лёгка ўплятаюцца ў канву прыгодніцкага фільма з авантурамі, рызыкамі і такімі «вострымі» падрабязнасцямі, што толькі ўмацоўвае сумненне, ці магло такое быць увогуле? 

Для тых, каму патрэбны «матэрыяльны» падмурак для гэтых неверагодных гісторый, прапануем адправіцца на незвычайную экскурсію. Нацыянальнае агенцтва па турызме ў чарговы раз запрасіла на адукацыйны семінар спецыялістаў сферы турындустрыі. Гэта значыць, што праграма будзе насычаная, тэма незвычайная, а кампанія – падрыхтаваная да падарожжаў у любых умовах надвор’я. Так і атрымалася.

«Мяжа была зусім побач, таму людзі павінны былі прыстасоўвацца да сітуацыі не вельмі простай»,  – расказвае гісторык Ігар Мельнікаў, які распрацаваў тэматычную экскурсію па маршруце Заслаўе – Новае Поле – Ракаў.  І, каб удзельнікі семінара адчулі сябе датычнымі да рэалій былога прыгранічнага жыцця, раздае пашпарты. 


Калі быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор (дакладна 100 гадоў таму), па першым яго варыянце, станцыя Радашковічы павінна была быць у межах БССР, але пазней такі падзел быў зменены. І сітуацыя была распаўсюджаная: калі населены пункт належаў адной дзяржаве, а ўжо могілкі – іншай. 

«Унікальная рэч, – падкрэслівае наш экскурсавод, – гэта мяжа цывілізацый. Цывілізацыі заходняй і цывілізацыі сталінскай. Але я ў сваіх даследаваннях на першае месца стаўлю звычайнага чалавека. Менавіта сам чалавек з’яўляўся галоўным “актарам” тых падзей». Пра тэму экскурсіі ўскосна нагадвае і сам Ігар Мельнікаў: ён апранае уніформу старшага палітрука ўзору 1935 года.


Чыгунка – вось яшчэ адзін вельмі важны «складнік» у справе бяспекі на даваеннай савецка-польскай мяжы. Лібава-Роменская чыгунка была стратэгічнай, бо яна праходзіла ў Вільню і ў ваенны час адыгрывала важную ролю. Гэты накірунак лічыўся ў 1930-ыя гады адным з самых небяспечных у выпадку вайны. Як Саветы, так і палякі прыкладна да 1937 года  разглядалі ў якасці асноўнага праціўніка адно аднаго. Таму прыгранічная інфраструктура стваралася вельмі старанна, а саму мяжу ахоўвалі добра. Былая моцная інфраструктура зараз – гэта будынак адной з камендатур і аўтэнтычная казарма. Як лічыць Ігар Мельнікаў, такі арыгінальны будынак – лепшае месца для тэматычнага музея. І калі экспанаты для яго знайсці будзе няцяжка, то з «вуснай гісторыяй» будуць пэўныя праблемы. Справа ў тым, што жывых сведкаў тых часоў амаль не засталося, але наш экскурсавод падчас экспедыцый занатаваў некалькі цікавых гісторый.

Сама мяжа – гэта не толькі тэрытарыяльны падзел, гэта і вялікая колькасць людзей. У тым ліку перабежчыкаў, агентаў, шукальнікаў заробкаў. І, па словах Ігара Мельнікава, праца на разведку трактавалася тым часам не як здрада, а як адзін са спосабаў заробкаў. І заробкі не мізэрныя – плацілі доларамі (памятаеце шыкоўныя гулянні кантрабандыстаў у творах Пясецкага?). Прыбыткова, а таму і папулярна было «вадзіць фігуркі» – перавозіць людзей праз мяжу, што было распаўсюджана амаль да 1941 года. Гэта была так званая «зялёная мяжа» – лес. Людзі беглі з адной краіны ў іншую ў пошуках лепшага жыцця. І мяжа не была непраходнай сцяной з калючым дротам. Таму здараліся і кур’ёзныя выпадкі кшталту «карова заблудзілася і апынулася на варожым лузе, дзяўчына пайшла за жывёлай, сустрэла чырвонаармейцаў, вось і нагода на новую вярбоўку». Былі выпадкі, калі ў Савецкім Саюзе залатыя чырвонцы каштавалі больш, чым у Польшчы. «Памежнікі» праносілі грошы ў Мінск, дзе іх прадавалі за вышэйшы кошт.  Тое самае і з вопраткай, парфумерыяй. 

«Мяне часта пытаюць,  чаму менавіта Ракаў развіваўся такім чынам?  Ні  Глыбокае, ці іншыя мястэчкі? Усё проста – побач Мінск, –  тлумачыць Ігар Мельнікаў, –  і Мінск даваў вялікі попыт на розныя тавары. Нават з Турцыі вазілі наркотыкі. І, дарэчы, вядомы тэрарыст Барыс Савінкаў перайшоў  мяжу ля Заслаўя, дабраўся да Мінска, дзе і быў затрыманы падчас аперацыі «Трэст». 

Рознымі гісторыямі багата даваенная савецка-польская мяжа, сярод якіх менш за ўсё рамантычных і шчаслівых. Напрыклад, трагедыя сям’і Друцкіх-Любецкіх. Гаворка пра гэты род пачынаецца ў вёсцы Новае Поле. Тут знаходзіцца цікавы будынак: былая сядзіба Друцкіх-Любецкіх, помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя і аграрна-эканамічны каледж. Вось такое дзіўнае спалучэнне. 


Іеранім Друцкі-Любецкі апошні гаспадар сядзібы. Часам яго параўноўваюць з прадстаўніком яшчэ аднаго адметнага роду – Эдвардам Вайніловічам. Добрыя землеўласнікі, якія цікавіліся сельскай гаспадаркай і падтрымлівалі наватарскія ідэі. У 1919 годзе Іеранім з’язджае з Новага Поля і едзе ў Варшаву. У той час па Еўропе гуляла «іспанка» і неўзабаве Друцкі-Любецкі памёр. Яго сын Канстанцін трапіў у палон і стаў ахвярай «катынскага спіса». Лёс дачкі Іераніма – Хрысціны Друцкай-Любецкай – сумны, нават з’яўляецца сімвалам трагедыі савецка-польскай мяжы. І невыпадкова наш экскурсавод расказвае гэтую гісторыю на Ракаўскіх могілках, дзе знаходзіцца  крыпта Друцкіх-Любецкіх.


У 1921 годзе па просьбе сваёй маці Хрысціна адправілася ў Новае Поле паглядзець, што адбываецца з сядзібай, ды і ўвогуле трэба разабрацца з маёмасцю. Дзяўчына пераблытала дарогу і трапіла да савецкіх пагранічнікаў. Было вырашана адвезці Хрысціну ў Койданава, дзяўчына даведалася пра план і пабегла, за ёю кінуліся і пагранічнікі. Аднаго з іх Хрысціна застрэліла, дабегла да тэрыторыі Польшчы, дзе дзяўчыну і дагналі. Пахавалі Хрысціну Друцкую-Любецкую ў Койданаве, і толькі праз 5 гадоў яе змаглі перапахаваць на Ракаўскіх могілках. Сімвалічна, што там і заканчваецца экскурсія: шмат людзей, звязаных з гісторыяй даваеннай савецка-польскай мяжы, пахавана там: гэта і кантрабандысты, перабежчыкі, агенты і простыя людзі, якія пераходзілі мяжу не ў шчаслівы час.

ВЕРАНІКА БАРЫСЁНАК

 

تم إعداد قضية المعلومات على أساس المواد الراديو البيلاروسية الخاصة، وكالة المعلومات بيلتا ومصادر أخرى.

المقابلات والبرامج

" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"
" بيلاروس بين يديك !"