Пінскі круіз. Цеплаходнае падарожжа па сталіцы беларускага Палесся

Фота: Таццяна Хвагіна праводзіць цеплаходную экскурсію (planetabelarus.by)


 

Міжнароднае радыё “Беларусь” працягвае расказваць пра Пінск – культурную сталіцу нашай краіны ў гэтым годзе. Пінск – адзін з самых старажытных гарадоў: яго ўпамінанне ў “Аповесці мінулых гадоў” датуецца 1097 годам. Нездарма і не выпадкова горад мае неафіцыйны, але агульнапрызнаны статус – сталіца беларускага Палесся. Больш за тое, горад можна назваць турыстычным цэнтрам у рэгіёне: захаваныя гістарычныя аб’екты сёння прывабліваюць наведвальнікаў і шмат распавядаюць пра насычаную гісторыю Палесся і пакручасты лёс яго насельнікаў – палешукоў. Гарадскія вуліцы аб’ядноўваюцца ў каларытныя турыстычныя маршруты, аднак “разынкай” пінскіх вандровак мусіць стаць цеплаходны круіз. Для Беларусі такі фармат – эксклюзіўны. Міжнароднае радыё завітала на воднае падарожжа да мясцовага экскурсавода і краязнаўцы Таццяны Хвагінай.

 

Некаторыя госці Пінска памылкова лічаць, што, маўляў, па горадзе пагуляю, а на цеплаход проста пагляджу. Пінск будаваўся ўздоўж ракі, і так сталася, што самая прыгожая панарама адкрываецца акурат з воднай роўнядзі. Такая прагулка дазваляе пабываць не толькі на Піне, на левым беразе якой і стаіць Пінск, яшчэ можна зайсці ў Струмень – так “праўдзівыя пінчукі” называюць верхнюю Прыпяць. Бонусам стане незвычайнае відовішча: месца, дзе скрыжоўваюцца Піна і Струмень, а праз сто метраў зноў разыходзяцца ў розныя бакі.


Фота: Месца ўпадзення Піны ў Прыпяць (Wikimapia)

 

Направа, у бок Качановіч, Валянскіх мастоў, старажытнага Турава, адплывае ад Пінска вялікая суднаходная Прыпяць – галоўная рака Палесся. А Піна чагосьці зазлавала: яна ганарліва адасобілася і сваім левым рукавом плыве ўздоўж Альбрэхтова, Пінкавіч, пад Гарадзішчам упадае ў Ясельду і ўжо за Качановічамі разам яны вяртаюцца ў Прыпяць. Вось такія ў нас цуды: дзве ракі зліваюцца і дзве ж і атрымліваюцца!

 

Фота: Лешчанскі Свята-Успенскі манастыр у ХІХ ст. (media-polesye.by)

 

Водныя” экскурсанты праплываюць уздоўж старога парку, дзе калісьці стаяў праваслаўны Лешчанскі Свята-Успенскі манастыр. Яшчэ ў ХІІІ стагоддзі там хаваўся ад забойцаў сын караля Міндоўга Войшалк. За сваё кароткае жыццё ён здолеў умацаваць дзяржаву і пашырыць хрысціянства на нядаўняй язычніцкай тэрыторыі. Сёння на гэтым намоленым месцы будуецца прыгожы храм у гонар Нараджэння Божай Маці.

 

Фота: Будучы храм на месцы старажытнага Свята-Успенскага манастыра (media-polesye.by)

 

Цеплаход плыве далей па рацэ, і экскурсанты бачаць магутны бранякатар – памяць пра высадку дэсанту і вызваленне Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 г. У гэтай аперацыі ўдзельнічала Дняпроўская флатылія разам з арміяй генерал-палкоўніка Паўла Бялова.

 

Фота: Помнік бранякатару ў Пінску (planetabelarus.by)

 

Праз колькі хвілін цеплаход праплывае прадмесце Каралін – зараз гэта частка Пінска. Калі б вандроўка была ў канцы XVII стагоддзя, то мы б пабачылі Каралінскі замак, якім валодалі князі Вішнявецкія. Праўда, яго жыццё было надзіва кароткім – не больш за два дзесяцігоддзі. Нават на малюнках Напалеона Орды ён у разбураным стане.

 

Фота: Каралінскі замак, якім валодалі Вішнявецкія (delaemvmeste.by)

 

Далей адкрыецца від на ансамбль кляштара францысканцаў, стары калегіум і блакітную прыстань. Здаецца, вось-вось падплыве які-небудзь параход, загудзе, і дамы і кавалеры ХІХ стагоддзя пачнуць сыходзіць на бераг. Сёння гэтага ўжо не здараецца, аднак чаканне такое ёсць: атмасфера вельмі нагадвае Волжскія рачныя вакзалы.

 

Вандруючы па пінскіх ваколіцах, варта яшчэ раз успомніць пра пачынальнікаў горада: як яны ўдала выбралі месца! З аднаго боку скрыжаванне рэк, а з другога – балоты, якія не падпускалі ворага пад сцены Пінска. Так рэзюмуе цеплаходную вандроўку па сталіцы беларускага Палесся экскурсавод і краязнаўца Таццяна Хвагіна:

 

 

Аўтар: Вікторыя Пяткевіч

 
Emissions sur Internet
Now:
03.40 Ministry of Foreign Affairs Reports (EN)

Next:
04.00 News (EN)


Horaires sur Internet
Horaire des émissions par satellite (voir les paramètres de réception ici)
Shortwaveservice
concours de selfies
 
Nos fréquences
 

Les emetteurs FM et leur couverture:

Rakitnitsa – 106.2 MHz
Grodno – 95.7 MHz
Svisloch – 104.4 MHz
Gerniony – 99.9 MHz
Braslav – 106.6 MHz
Miadel – 102.0 MHz


Radiodiffusion par satellite :

voir les paramètres de réception ici

Diffusions