Наш Караткевіч (рэпартаж)


 

«Мастакі – гэта асаблівыя людзі, яны абы-каго маляваць не будуць», – такімі словамі Міхаіл Рыбакоў, дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры, пачынае размову пра часовую тэматычную экспазіцыю. Яна прысвечана аднаму з вядомых і вельмі любімых беларускіх аўтараў: «Уладзімір Караткевіч у выяўленчым мастацтве». Дарэчы, напрыканцы лістапада нашая культурная прастора літаральна напоўнілася «духам Караткевіча»: ладзяцца выставы, спектаклі, круглыя сталы, чытанні. Сапраўды, беларусы памятаюць гэтую яркую асобу літаратурнага сусвету, святкуюць 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча і працягваюць адкрываць яго творчасць з розных бакоў. Напрыклад, не ўсе ведаюць, што сам Караткевіч добра маляваў, ілюстраваў свае творы.

 

Міхаіл Рыбакоў адзначае, што падрыхтоўка да святкавання юбілею пачалася нашмат раней: з 2019 года распрацоўвалі агульны план правядзення мерапрыемстваў, розныя ўстановы краіны, звязаныя з культурай, дасылалі лісты з уласнымі прапановамі. І ўжо на гэтым этапе стала відавочна: Караткевіча памятаюць і любяць, адсюль і атрымліваюцца праекты не фармальныя, а разнастайныя і ўнікальныя. Зразумела, што не застаўся ў баку і Аршанскі музей Уладзіміра Караткевіча: сумесная выстава спачатку дэманстравалася там, а пасля была перададзена у горад Дуброўна. Гэта сапраўды сімвалічна, бо шэраг твораў Караткевіча звязаны з гэтай зямлёй. Дарэчы, не толькі беларусам былі даступныя тэматычныя экспазіцыі: некаторыя выставы былі прадстаўлены ў Прыбалтыцы і Украіне. Яшчэ адзін цікавы праект па буккросінгу быў распачаты некалькі дзён таму: ва Украіну адправілася бібліятэчка з кнігамі Караткевіча – гэтая асоба выклікае цікавасць і за межамі нашай краіны. Выстава працуе да 10 снежня, таму ўбачыць Караткевіча праз прызму таленту мастакоў яшчэ ёсць час.

 

Мы хацелі паказаць, што літаратура – гэта не толькі кніжкі. Гэта больш шырокі свет. І кожны, хто да яе далучаецца, адчувае такую ўзаемасувязь: нібыта чагосьці не хапае кніжкам без малюнкаў; вершы без музыкі – таксама проста вершы. А тут яно спалучаецца, і гэта ўжо асаблівае жыццё твора, які прадстаўлены ў розных іпастасях. Мы дадаём сюды і гістарычныя дакументы, фотаздымкі, графіку. Далучаюцца і іншыя віды мастацтва: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ладзіў пастаноўку «Наш Караткевіч», у фае тэатра размешчаны фотаздымкі пісьменніка, звязаныя з яго жыццём, цікавыя рэчы з яго ўласнага архіва. Адначасова адкрываем буккросінг, можна пачытаць творы Караткевіча ў адкрытым доступе. Я лічу, што калі мы ганарымся сваім таленавітым суайчыннікам, трэба на справе гэта паказваць, – разважае Міхаіл Рыбакоў.

 

Як вы лічыце, чаму зараз такі «усплёск» цікавасці да твораў Караткевіча, увогуле да беларускай літаратуры?

 – Я таксама заўважаў гэты момант, што людзі сталі больш цікавіцца беларускай мовай, з большай павагай да яе ставіцца, але гэта адбывалася паступова. Мяняюцца пакаленні, адыходзяць савецкія стэрэатыпы, у людзей з'яўляюцца новыя запатрабаванні, новае бачанне. І мы пачынаем разумець: ва ўсім свеце кожны народ ганарыцца тым, што ёсць у яго, чым ён адметны. Асабліва моладзь, калі ездзіць па ўсім свеце, адзначае, што іншыя краіны ганарацца сваім фальклорам, сваімі асобамі, сваімі гістарычнымі падзеямі. Вядома, і нам сорамна не ведаць усяго гэтага. На гэтым этапе мы пачынаем шукаць, чым можам ганарыцца. Высвятляецца, што беларусы таксама цікавы і багаты па культуры народ.


 Ваш любімы твор Караткевіча.

 – Цяжка вызначыць, але, напэўна, «Каласы пад сярпом тваім». Дарэчы, сёлета мы зрабілі вялікі праект «Чытаем класікаў разам». Амаль месяц у музеі адбываліся чытанні «Каласоў пад сярпом тваім», відэазапісы мы размяшчалі ў інтэрнэце і на тэлебачанні. Я не чакаў, што будзе такі рэзананс і вялікая цікавасць: прыходзілі людзі розных узростаў, розных сацыяльных статусаў… Кожны чытаў урывак, і да нас звярталіся з просьбай «дайце і нам пачытаць». Такі вялікі том, мы сумняваліся, ці знойдзем людзей, а атрымалася, што прыходзілася нават адмаўляць некаторым. Гэта было нечакана, але вельмі прыемна. І цікава, што мы падрыхтавалі экзэмпляры кнігі, але шмат людзей прыходзілі са сваімі асобнікамі. Гэта сведчыць аб тым, што ў бібліятэках нашых грамадзян таксама ёсць Караткевіч, і яго чытаюць і любяць. А ў нашым музеі з'явіўся яшчэ адзін экспанат: кожны, хто прыходзіў на чытанні, пакінуў аўтограф на кнізе «Каласы пад сярпом тваім».

 

 

ВЕРАНІКА БАРЫСЁНАК

 

 
transmisje internetowe
Teraz odtwarzane:
00.00 News (EN)

Dalej:
00.20 Popular Diplomacy (EN)


Niezawodny Internet Broadcasting
Niezawodny nadawanie
częstotliwości
 

FM-nadajniki i częstotliwości:
Rakitnica - 106.2 MHz
Grodno - 95.7 MHz
Świsłocz - 104.4 MHz
Geraniony - 99.9 MHz
Brasław - 106.6 MHz
Miadzioł102.0 MHz

Audycje
 

12.07.25 - 18.00
13.07.25 - 17.00
13.07.25 - 18.00