Чорная быль Беларусі (рэпартаж)


 

Чарнобыльская трагедыя нібыта застаецца ў нашай памяці, ззяе злой зоркай у творах класікаў, выклікае ўсплёск цікавасці праз удалы серыял Й. Рэнка, але… Гэта ўжо не нешта датыкальнае, нават матэрыяльнае, а больш мастацкае, тое, што лёгка абрастае лірычнымі здагадкамі і аўтарскімі прыкрасамі.

Такі працэс зразумелы і заканамерны: занадта шмат іншых выклікаў прымае планета, таму і мінулае здаецца ўжо не рэальным, а крыху эфемерным. Але гэта гісторыя, якую і зараз можна перавесці ў фармат відавочнай былі: турыстычны маршрут прывядзе нас на Палессе, дзе сённяшнія «добрасуседскія» адносіны з прыродай яшчэ больш кантрастуюць з трагічнымі падзеямі красавіка 1986-га.

 

 

Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік унікальны, падобнага тыпу не існуе ў свеце. Ён быў створаны праз 2 гады пасля Чарнобыльскай трагедыі на беларускім сектары зоны адчужэння. У склад увайшлі найбольш пацярпелыя ад аварыі Брагінскі, Нараўлянскі, Хойніцкі раёны. Вядома, што тады не было і думкі пра магчымасць наладзіць экстрэмальны турыстычны маршрут («сталкеры», дарэчы, справу ўзялі ва ўласныя рукі). Больш за тое, дзеля гэтай тэрыторыі было распрацавана асобнае заканадаўства. Асноўныя мэты: прадухіленне пераносу радыенуклідаў на прылеглыя тэрыторыі, кантроль радыяцыйнай абстаноўкі і шэраг іншых, пра якія вам раскажуць у пачатку экскурсіі супрацоўнікі ПДРЭЗ. А таксама правядуць вас па музеі запаведніка: гэта будзе нешта кшталту ілюстраванай перадгісторыі стварэння гэтай найбуйнейшай прыродаахоўнай установы краіны. Флора і фаўна ПДРЭЗ прадстаўлены адпаведна фотаздымкамі і чучаламі жывёл; сялянскі быт, дакладней, яго этнаграфічная асаблівасць – наступная зала.

 

 

Навукова-даследчая дзейнасць і суправаджэнне эксперыментальнай дзейнасці запаведніка – гэтым займаецца лабараторыя. Дарэчы, сёлета ПДРЭЗ атрымаў ад МАГАТЭ спецыяльнае абсталяванне для ацэнкі радыелагічных пагроз, звязаных з ляснымі пажарамі.

 

 

Зразумела, што гаспадарчая дзейнасці на тэрыторыі запаведніка вядзецца з пэўнымі абмежаваннямі, кантролем за, напрыклад, вытворчасцю мёду (бытуе няправільнае меркаванне нібыта мёд не назапашвае радыенукліды) займаецца тая ж лабараторыя. У цэлым, аналізы маніторынгу, які пастаянна вядзецца па розных напрамках, дазваляюць рабіць пэўныя прагнозы. Так, распрацаваны мадэлі, якія ўлічваюць радыеактыўны распад і могуць супастаўляцца з мадэлямі, закладзенымі яшчэ ў 90-х гадах. Параўнанне вынікаў сведчыць пра эфектыўнасць канкрэтнай мадэлі. Навуковая дзейнасць мае свой лагічны працяг і ў публікацыях, у тым ліку міжнародных.

Такая аглядная экскурсія – добрая «гістарычная даведка», але прыязджаюць сюды не па гэта. Турыстаў вабіць тое, што знаходзіцца за сценамі адміністрацыйных будынкаў. Цікавым вопытам для наведвальнікаў ПДРЭЗ стане шпацыр побач з зубрамі. Толькі на гэты раз у вальер адправяцца людзі, а зубры будуць велічна разглядаць гасцей.

 

 

Для ілюстрацыі наступнай кропкі нашага маршруту добра пасуе зламаны гадзіннік. Усюды стрэлкі цікаюць, час ідзе, а тут – шматгадовая паўза. І нават прысутнасць у пэўных аб'ектах «рукі дэкаратара»: вось часопіс, быццам «нядбайна кінуты» на бачным месцы, ці школьны ранец забыты ля парты, – гэтая пастановачнасць не псуе адчуванне рэальнасці. Жылыя дамы, школа, магазін, дом культуры… Сапраўды, гэта нашая сумная быль.

 

 

Тут жылі больш за 22 тысячы чалавек. На іх зямлю выпала каля 30% ад усяго выпаўшага на Беларусь цэзію – 137, больш за 70% — стронцыю-90 і 97% радыенуклідаў плутонію. Жыхары гэтай тэрыторыі былі адселены, гаспадарчая дзейнасць практычна цалкам спынена. Гэта агульныя факты, не высветлены толькі тысячы асабістых трагедый гэтых людзей.

Узровень забруджвання некаторых тэрыторый запаведніка не дазваляе вярнуць гэтыя землі ў гаспадарчы абарот яшчэ тры стагоддзі. Прагназаваць вяртанне ў абарот зямлі, забруджанай трансуранавымі элементамі, увогуле немагчыма.

Чорная быль на ўласныя вочы – гэты ўнікальны (калі можна так сказаць) турыстычны маршрут трэба ведаць, як трэба ведаць і дату 26 красавіка 1986 года.

 


Вераніка Барысёнак

 Арганізатар паездкі – Нацыянальнае агенцтва па турызме


 
Emissions sur Internet
concours de selfies
 
Nos fréquences
 

Les emetteurs FM et leur couverture:

Rakitnitsa – 106.2 MHz
Grodno – 95.7 MHz
Svisloch – 104.4 MHz
Gerniony – 99.9 MHz
Braslav – 106.6 MHz
Miadel – 102.0 MHz


Radiodiffusion par satellite :

voir les paramètres de réception ici

Diffusions