Блог Навума Гальпяровіча

Юбілею гэтага творцы былі прысвечаны шматлікія мерапрыемствы ў самых розных аўдыторыях, у іх бралі ўдзел пісьменнікі і навукоўцы, дыпламаты і выдаўцы, удзячныя слухачы, – дзевяностагоддзе Чынгіза Айтматава адзначала ўся Беларусь.
Здавалася б, чаму народны пісьменнік Кыргызстана і Казахстана так блізкі беларускаму чытачу? Я думаю, што выдатны творца сумеў закрануць нашы душы яшчэ і таму, што маральныя і жыццёвыя праблемы, якія ён уздымае ў сваіх раманах і аповесцях, блізкія кожнаму з нас. І хоць дзеянне яго твораў адбываецца ў нязвыклых нашаму воку стэпах і гарах, нібыта гэта з намі гавораць і дыхаюць яго героі. Я ўзгадваю, як у мяне наварочваліся слёзы, калі я чытаў аповесць “Белы параход”, яго фінальную сцэну, як хлопчык, расчараваны ад чэрствасці і двудушша дарослых, ідзе навек у мора, шукаючы сваю мару – белы параход…
А раман “Буранны паўстанак”, бліскуча перакладзены на беларускую мову Міхасём Стральцовым, які перавыдала нядаўна выдавецтва “Народная асвета”!..
Паслухайце:    
“Была ўжо другая гадзiна ночы. Зоры ў небе разгаралiся, кожная свяцiла сама па сабе, i месяц над саразекамi стаў ярчэйшы, увачавiдкi налiваўся ўсё большай i большай нетутэйшай сiлай. А пад зорным небам далёка, бязмежна расхiнулiся саразекi, толькi абрысы вярблюдаў – і сярод iх двухгорбы волат Баранлы-Каранар – ды невыразныя плямы блiзкiх узгоркаў былi вiдны, а ўсё астатняе паабапал чыгункi акрывалася смугой, прападала ў бясконцасцi…”

У лёсе чыгуначнага рабочага Едыгея – лёс усёй нашай былой краіны. А гэта – і рэпрэсіі, і Вялікая Айчынная вайна, і цяжкая пасляваенная праца. Зямныя падзеі ў рамане перасякаюцца з касмічнымі. Важнае месца ў творы займае легенда пра маці Найман-Ану і яе сына, які па волі злых людзей стаў манкуртам, жорсткай і бессэнсоўнай істотай, што не памятае сваіх каранёў. Паводле Чынгіза Айтматава, манкурт – гэта той, хто “не ведае, адкуль ён родам, з якога племя, не ведае свайго імя, не помніць дзяцінства, бацьку і маці”, – адным словам, манкурт не ўсведамляў сябе чалавечай істотай.
Сёння вобраз, створаны пісьменнікам, набыў філасофскае гучанне для многіх народаў, у тым ліку і для беларусаў. Словам “манкурт” сталі абазначаць тых, хто адмовіўся ад сваіх каранёў: мовы, Радзімы, продкаў, блізкіх людзей.
Чынгіз Айтматаў, дарэчы, быў яшчэ з самага пачатку сваёй творчай працы заўважаны беларускімі перакладчыкамі. Па-беларуску ў Мінску асобнымі выданнямі ўбачылі свет яго кнігі “Джаміля”, “Бывай, Гюльсары!”, “Першы настаўнік”.
Але не толькі нам блізкі Айтматаў. Яго ведаюць і чытаюць у многіх краінах свету. А ў Германіі перакладзены на нямецкую мову літаральна ўсе творы пісьменніка.
Дык вось, у чым загадка такой папулярнасці, такога сусветнага суперыжывання і ўдзячнасці? І тут, на маю думку, варта паразважаць над прыродай сапраўднага таленту, над месцам і роляй творцы ў жыцці кожнага народа.
Сёння, калі кніжны свет запоўнены самым розным чытвом, калі часам на першы план выходзіць камерцыя, танны эпатаж, бурныя прыгоды далёка не станоўчых герояў, прыклад папулярнасці твораў Айтматава ў тым, што ён заўсёды быў са сваім народам, жыў яго штодзённымі праблемамі і клопатамі і проста любіў сваіх героеў.
Аддаць свой талент высокаму служэнню, быць сумленным і шчырым, – здавалася б, простая фармулёўка, але не кожны, на жаль, з тых хто бярэцца за пяро, можа і хоча следаваць ёй.
І гэта яшчэ адзін урок Айтматава, пісьменніка і грамадзяніна, для многіх тых, хто шукае сваё месца ў літаратуры.

 
Emisión por internet
Now:
07.40 Zapraszamy na Białoruś (PL)

Next:
08.00 Nowości z Białorusi (PL)


Horario en internet
Horario de emisión por satélite (ver parámetros de recepción aquí)
Shortwaveservice
concurso de autofotos
 
Nuestras frecuencias
 

FM-transmisores y frecuencias:


Rakitnitsa - 106.2 МHz
Grodno - 95.7 МHz
Svisloch - 104.4 МHz
Gueraneny - 99.9 МHz
Braslav - 106.6 МHz
Myadel - 102.0 МHz


Radiodifusión por satélite:

ver parámetros de recepción aquí

 

 

Las emisiones