Беларусь заклікае ААН звярнуць увагу на парушэнне правоў чалавека Еўрасаюзам і ЗША ў адносінах да шэрагу краін. Пра гэта на 22-й сесіі Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе заявіў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Беларусі Яўген Лазараў у рамках інтэрактыўнага дыялога з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека. Дыпламат падкрэсліў, што ў сваім дакладзе аб парушэннях правоў чалавека ў 2012 годзе Беларусь зафіксавала больш як 200 грубых парушэнняў у краінах ЕС, Нарвегіі, Швейцарыі, ЗША, Канадзе, у той час як Вярхоўны камісар і яго апарат не зафіксавалі ніводнага. Яўген Лазараў таксама звярнуў увагу на маўчанне Вярхоўнага камісара ў сувязі з санкцыямі, якія парушаюць міжнароднае права і правы чалавека і прымяняюцца ЕС і ЗША ў адносінах да шэрагу краін, у тым ліку і да Беларусі. Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства нашай краіны заклікаў Вярхоўнага камісара нарэшце звярнуць увагу на гэту сітуацыю.