Беларусь будзе кіравацца ўсімі рэкамендацыямі МАГАТЭ для гарантавання ядзернай бяспекі. Аб гэтым заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на сустрэчы з дэлегацыяй пад кіраўніцтвам намесніка гендырэктара МАГАТЭ Дэніса Флары. Ён праінфармаваў, што ў Беларусі створана сістэма рэгулярнага кантролю за рэалізацыяй праекта па будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Акрамя таго, распрацаваны і знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі дзве дзяржаўныя праграмы - навуковага суправаджэння, будаўніцтва і наступнага ўводу ў эксплуатацыю БелАЭС і падрыхтоўкі кадраў. У сваю чаргу намеснік гендырэктара МАГАТЭ Дэніс Флары падзякаваў беларускаму боку за прыхільнасць да прынцыпаў ядзернай бяспекі.