Пінск сустракае. (Фота belta.by)
Сёлета да Пінска ўвага асаблівая. Ён аб’яўлены культурнай сталіцай Беларусі-2019. Безумоўна, гэты палескі горад – адметны пункт на карце краіны. Тут захавалася больш за 180 аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Усяго ў 2019-м запланавана некалькі соцень мерапрыемстваў рознага кшталту. Пра атмасферу “сталічнага Пінска” і пра самыя цікавыя падзеі міжнароднаму радыё “Беларусь” распавяла рэжысёр аддзела метадычнай работы Пінскага гарадскога Дома культуры Святлана Вадап’янава.
Зоры над Пінай, 2017 г. (Фота pk-gazeta.by)
У культурнай сталіцы Беларусі сёлета пройдуць разнастайныя мерапрыемствы рэгіянальнага, абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў. Агульны план уключае 445 мерапрыемстваў: падзей больш, чым дзён у каляндарным годзе. У горадзе 11 устаноў культуры, кожны калектыў будзе ствараць святочную атмасферу.
Брэндавае мерапрыемства “Зоры над Пінай” у 2019 годзе пройдзе 24 –26 мая. Гэты фестываль вядомы яшчэ з савецкіх часоў. Паводле задумкі, артысты знаходзяцца на адным беразе, а гледачы – на іншым. Атрымліваецца, усё дзейства адбываецца праз раку. Два гады таму фестываль адрадзілі з улікам сучасных тэхнічных магчымасцей. Сцэна атрымалася плывучая – на баржы, са святлодыёднымі экранамі і фантанамі
Зоры над Пінай, архіў. (Фота p-v.by)
У культурнай праграме – “Тэатральныя дні на Піншчыне”. Гэта міжнароднае мерапрыемства. Тэатральныя трупы з розных краін пакажуць спектаклі на некалькіх пляцоўках горада.
У красавіку адбудзецца другі Фестываль сучаснага танца “MOVING UP”. Жыхар горада Ігар Прахаровіч прафесійна займаецца брэйк-дансам, разам з выхаванцамі танцавальнай студыі заваяваў безліч тытулаў і званняў. Брэйк-данс стаў алімпійскім відам спорту, зараз яго аматары маюць яшчэ больш магчымасцей.
Сярэднявечная музыка ля сцен Кафедральнага касцёла ў Пінску. (Фота media-polesye.by)
Пінск стане ўдзельнікам акцыі “Полымя міру” да ІІ Еўрапейскіх гульняў. Факел з агнём пранясуць лепшыя спратсмены рэгіёна.
На дзень вызвалення горада Пінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 14 ліпеня, плануецца арганізаваць фестываль “Палескія фанфары”. Гэта двухдзённы фестываль духавых аркестраў міжнароднага значэння. Уся дзея будзе адбывацца на цэнтральнай плошчы горада. Адметнасць фестывалю ў тым, што аркестры не проста іграюць, але адначасова і танцуюць.
Пешаходная вуліца Пінска. (Фота pinsk.eu)
Дзень горада ў Пінску традыцыйна адбудзецца ў першыя выхадныя кастрычніка.
Як і ў мінулым годзе, сёлета працягне сваю працу “Пінская пешаходка”. З пачатку мая на пешаходнай вуліцы Леніна вы сустрэнеце мясцовых рамеснікаў, якія прадставяць свае аўтарскія вырабы ручной работы і правядуць майстар-класы
تم إعداد قضية المعلومات على أساس المواد الراديو البيلاروسية الخاصة، وكالة المعلومات بيلتا ومصادر أخرى.